БЕЛАРУ́СКІ КАМІТЭ́Т
(БК) у Польшчы, арганізацыя грамадскай апекі для беларусаў у 1940—44. Створаны ў Варшаве з дазволу герм. акупац. улад як Бел. саюз самапомачы (БСС, старшыня Ф.І.Акінчыц),
з лета 1940 — БК (старшыня М.Шчорс, нам. М.Ждановіч). У канцы 1940 — пач. 1941 створаны дэлегатуры (прадстаўніцтвы) БК у Бяла-Падлясцы і Кракаве, пазней — некалькі філій на паўд. Падляшшы. Чл. БК (каля 6 тыс. чал., сак. 1942) — пераважна даваен. ўцекачы з паўн.-ўсх. ваяводстваў Польшчы, якія не жадалі заставацца пад сав. адміністрацыяй, а таксама вызваленыя з ням. палону беларусы — ваеннаслужачыя польскай арміі. Асн. дзейнасць — юрыд., мед. і матэрыяльная дапамога членам БК. Працавалі сталовая, бел. пач. школа з інтэрнатам (1942/43—1943/44, у 1943 для вучняў 2 месяцы працаваў летні лагер у Забалацці Бельскападляскай гміны), бел. б-ка, хор і аркестр, драм. секцыя, дзіцячы т-р. БК садзейнічаў заснаванню ў Варшаве бел. правасл. і каталіцкай парафій, царк. брацтва імя св. Юрыя. Дзейнасць БК фактычна спынена 1.8.1944, калі пачалося Варшаўскае паўстанне 1944, управа БК была эвакуіравана ў Кракаў і намінальна існавала да студз. 1945.
Ю.Туронак.
т. 2, с. 445
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)